РО́ССЫПНЫЯ РАДО́ВІШЧЫ, россыпы,

скопішчы абломкавых горных парод, што ўмяшчаюць каштоўныя россыпаўтваральныя мінералы, распрацоўка якіх эканамічна мэтазгодная і тэхнічна магчымая. Утвараюцца за кошт фіз. і хім. выветрывання і пераадкладання горных парод і карысных выкапняў. Вылучаюць Р.р. паводле генезісу: элювіяльныя, дэлювіяльныя, пралювіяльныя, алювіяльныя, літаральныя, гляцыяльныя, эолавыя; паводле часу ўтварэння: сучасныя і стараж. (выкапнёвыя); паводле ўмоў залягання: адкрытыя і пахаваныя; паводле формы пакладаў: плошча-, лінза- і стужкападобныя, пластавыя, шнурковыя і гнездавыя. Маюць важнае значэнне для здабычы золата, плаціны, алмазаў, тытану, вальфраму, волава, танталу, ніобію, торыю, гранату, горнага хрусталю, бурштыну і інш.

т. 13, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)